МА́НГРАВЫЯ ЛЯСЫ́, мангры (ад англ. mangrove),

зараснікі вечназялёных дрэў і хмызнякоў на прыліўна-адліўнай паласе глеістых узбярэжжаў вільготных тропікаў, якія ахаваны ад прыбою. Фларыстычны састаў бедны: рызафоравыя, вербенавыя і інш. расліны-галафіты. Многія расліны жывародзячыя. Трапляюцца эпіфіты. Хадульныя карані забяспечваюць умацаванне ў субстраце. Маюць надземныя дыхальныя карані (пнеўматафоры), якія забяспечваюць дрэвы кіслародам. Лісты часта мясістыя, з вадзянымі вусцейкамі. Плады маюць паветраносную тканку і могуць плаваць у вадзе. З боку мора М.л. маюць выгляд высокіх густых хмызнякоў, па меры аддалення ад зоны прыліву — невысокіх лясоў (5—10 м). Сканцэнтраваны па плоскіх берагах усх. і зах. ўзбярэжжаў Афрыкі, на в-ве Мадагаскар, Сейшэльскіх і Маскарэнскіх а-вах, па берагах Паўд. Азіі і Паўн. Аўстраліі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)